Аб справе "Белага легіёну"

пн, 04/17/2017 - 03:00

На чым грунтуюцца абвінавачваньні? Ці можна разглядаць фігурантаў справы як палітвязьняў? Якой будзе рэакцыя Захаду на гэтую справу?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, старэйшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў і адзін з кіраўнікоў Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Юры Царык.

Дракахруст: Юры, наколькі я ведаю, вам бліжэй вэрсія пра тое, што ў гэтай «справе баевікоў» не абышлося без, як сказаў Лукашэнка, «закаранелага сябра Беларусі» — Расеі. У якім сэнсе не абышлося — расейскія спэцслужбы падкінулі беларускім калегам гэту тэму ці спрабавалі нават згуляць «у цёмную» з нейкімі радыкальнымі групамі ў Беларусі, ці справа «Белага легіёну» проста аб’ектыўна ў інтарэсах Крамля, і там ужо ня важна — прыклаў ён руку ці не?

Царык: Я думаю тут справа і ў адным, і ў другім. З аднаго боку відавочна, што справа «Белага легіёна» і ў цэлым жорсткіх сцэнараў разьвіцьця падзеяў у рамках сацыяльных пратэстаў, адпавядае інтарэсам Крамля па мноству парамэтраў, пачынаючы з таго, што Крэмль не самотны аказаўся ў разгоне пратэстаў 26 сакавіка, і канчаючы тым, што калі афіцыйна Менск пачынае выдаваць дзіўныя заявы пра падрыхтоўку баевікоў для дзеяньняў на тэрыторыі Беларусі ва Ўкраіне і ў Польшчы — гэта падштурхоўвае Беларусь да самаізаляцыі, да прыпыненьня нармалізацыі адносінаў з Захадам. І гэта, безумоўна, адпавядае інтарэсам Крамля. Другі аспэкт, на які я б зьвярнуў увагу, гэта супадзеньне рыторыкі спэцслужбаў, дзяржпрапаганды і нават самога Лукашэнкі, які агучваў тое, што яму было дакладвалі спэцслужбы, з рыторыкай калядзяржаўнай прапаганды РФ, якая яшчэ ў 2015 годзе, на піку ціску на Беларусь па пытаньні знаходжаньня вайсковай базы на нашай тэрыторыі, адпрацавала ўсе гэтыя гісторыі пра баевікоў, якія рыхтуюцца нібыта ў Літве, Польшчы і Украіне, менавіта гэтыя тры краіны назваліся.

Адпаведныя расейскія мэдыі пісалі і пішуць пра «баевікоў-нацыяналістаў» у Беларусі, пра «падымаючы галаву нацыяналізм», пра падрыхтоўку Майдану, пра 15 сотняў баевікоў-нацыяналістаў і г.д. Як мы бачым, тое, што выдалі спэцслужбы (дарэчы, выдалі чужымі вуснамі, прэс-рэлізу КДБ мы так і не дачакаліся дагэтуль), цалкам паўтарала гэтыя расейскія формулы. Нарэшце, трэці аспэкт, больш сурʼёзны. Ёсьць сурʼёзныя падставы падазраваць і проста фальсыфікацыю доказаў. Мы ведаем сытуацыю з так званым «прарывам празь беларускую мяжу» з боку Украіны на аўтамабілі, які не перасякаў украінскую мяжу ні ў адным, ні ў іншым накірунку. І хто арганізаваў гэтую правакацыю — таксама вялікае пытаньне. Мы ведаем пра тое, што па «Белым легіёне» відэафіксацыя іх заняткаў вялася ў 2016 годзе, пра гэта казалі адразу некалькі ўдзельнікаў, дакладней, там ішлося ня столькі пра «Белы легіён», колькі пра вайскова-патрыятычны бабруйскі клюб «Патрыёт».

Мы ведаем, што па «гарачых сьлядах», на першых ператрусах ніякай нелегальшчыны ў фігурантаў справы вынята не было, зброя была дазволеная або гэта быў страйкбол, і толькі потым, калі праводзіліся паўторныя ператрусы, узьнікалі раптам у выпадку Лазоўскага і Дундукова некаторыя абʼекты, якія нібы падтрымлівалі аргумэнты абвінавачаньняў. Таму, на мой погляд, абʼектыўным супадзеньнем інтарэсаў тут справа не абмяжоўваецца і пры спрыяньні пэўных элемэнтаў у сілавых структурах Беларусі расейскі бок правёў даволі пасьпяховую апэрацыю па дэзінфармацыі кіраўніцтва Беларусі. Чым гэта скончыцца — паглядзім.

...

Царык: Палітычная лёгіка даволі загадкавая. Калі глядзець на гэтую справу так, як яна выглядае на сёньняшні дзень, то зразумела, што з аднаго боку гэта ініцыятыва сілавога блёку, але зь іншага боку робіцца ў вызначаных межах усё магчымае для таго, каб людзі не сталі палітвязьнямі і менавіта таму спачатку быў артыкул пра падрыхтоўку масавых хваляваньняў, цяпер перайшлі на незаконнае ўзброенае фармаваньне, ну, а экстрэмізм і тэрарызм тут было складана прывязаць, павесіць на гэтых людзей.

Але бачна, што робіцца спроба мінімізаваць дыпляматычныя выдаткі гэтай крымінальнай справы, але пры гэтым усё ж нейкім чынам яго правесьці. Таму пытаньне складанае. Гэтая справа дае рэальныя магчымасьці вярбоўкі яе фігурантаў. Акрамя таго, калі пра «Белы легіён» усе даўно забыліся, і ўсе абвінавачваньні наконт росту беларускага нацыяналізму выглядалі сьмешна, то зараз усё ведаюць пра «Белы легіён», нават у Фэйсбуку шмат аватараў «Я — «Белы легіён». То бок нацыяналізм нібыта рэальна падымае галаву ў Беларусі.

Што да магчымай вярбоўкі, то я б сказаў, што гэта крыніца занепакоенасьці ня толькі для грамадзтва, але і для дзяржавы. Невядома, на што падпішуцца гэтыя людзі, але варта прыгадаць жыцьцёвы шлях вядомых тэрарыстаў Канавалава і Кавалёва. Справа выглядае як пацьвярджэньне тэзаў расейскай прапаганды, цяпер ствараецца карцінка, што нацыяналізм падымае галаву ў Беларусі. І ўлада вымушаная альбо працягваць, узмацняць рэпрэсіі супраць нацыянальна арыентаванай часткі грамадзтва, або ж ставіцца да яе талерантна, што расейская прапаганда будзе скарыстоўваць як прыкмету чарговага зыходу Лукашэнкі на Захад.

Дракахруст: Пэўным пацьверджаньнем вашай аргумэнтацыі стала зьяўленьне на Першым канале РФ стужкі Кацярыны Кібальчыч, якая распавядае, як Лукашэнка патурае нацыяналістам.

Царык: Так, менавіта так. А якую сытуацыю для Лукашэнкі гэта стварае? Калі ён ідзе на далейшыя рэпрэсіі супраць нацыянальна арыентаванай часткі грамадзтва, ён падрывае важны элемэнт сваёй магчымай новай электаральнай базы. Яго старая электаральная база шмат у чым разбураная і няма эканамічных перадумоў для яе аднаўленьня (гэта бюджэтнікі, дзяржсектар). Утварэньне новай электаральнай базы магло быць зьвязана з тым, каб на пытаньні нацыянальнай незалежнасьці, нацыянальнага адраджэньня згуртаваць грамадзтва вакол улады, што ўлады спрабавалі зрабіць да пачатку сацыяльных пратэстаў, мы памятаем і дыялёг, і сустрэчу з Сярэдзічам. Калі Лукашэнка ідзе па шляху рэпрэсіяў супраць нацыянальна-актыўнай частцы грамадзтва, гэта падарве магчымасьці далей апэляваць да гэтай рыторыкі. А ў адваротным выпадку, калі ён не ідзе па гэтым шляху, то робіцца ахвярай расейскай прапаганды, якая будзе казаць пра рост нацыяналізму.

...

Дракахруст: Юры, Алесь сказаў, якую пазыцыю займаюць беларускія праваабаронцы, але заходнія дзяржавы могуць займаць іншую пазыцыю.

Царык: Па-першае, сытуацыя не прадугледжвае нейкіх аўтаматычных дзеяньняў у выпадку, калі нават палітвязень прызнаны на міжнародным узроўні. Аўтаматызму тут не будзе, але безумоўна гэта будзе ключавы крок на шляху да разбурэньня чарговай спробы нармалізацыі адносінаў з Захадам. У тым ліку магчымае і аднаўленьне санкцыяў, асабліва пэрсанальных, супраць тых людзей, якія найбольш былі задзейнічаныя ў гэтай справе. Другі аспэкт, які мне падаецца больш важным: як гэтая крымінальная справа, гэтыя фантастычныя сюжэты пра лягеры па падрыхтоўцы баевікоў у Польшчы і Украіне — як гэта ўсё суадносіцца з пазыцыяй Беларусі ў дачыненьні да рэгіянальнай бясьпекі. То бок узьнікае пытаньне: Беларусь працягвае граць ролю донара рэгіянальнай стабільнасьці і бясьпекі і ці здольная яна працягваць гуляць гэту ролю? Гэта ключавы момант.

Нягледзячы на абвінавачваньні на адрас Літвы, Польшчы, Ўкраіны, нямецкіх і амэрыканскіх фондаў, мы пакуль ня бачым афіцыйных заяваў, якія б падрывалі гэтую ролю Беларусі, наадварот, паралельна з гэтым Лукашэнка заявіў пра выключна абарончы характар вучэньнях «Захад-2017», узгодненая вельмі сьціплы ўдзел РФ у гэтых вучэньнях на тэрыторыі Беларусі. То бок у прынцыпе афіцыйныя сыгналы ідуць нармальныя і я думаю, што заходнія краіны перадусім гэтыя сыгналы ўспрымаюць і зьвяртаюць на іх увагу, але ўзьнікае пытаньне на пэрспэктыву, улічваючы выразнае ўзмацненьне апаратнай і палітычнай ролі сілавых структураў. І ўзьнікаюць пытаньні, наколькі ўстойлівая палітыка Беларусі, наколькі здольная Беларусь працягваць адыгрываць ролю донара рэгіянальнай бясьпекі. Я думаю, што з пункту гледжаньня палітычнага, з пункту гледжаньня ўзаемадзеяньня з Захадам, ясны адказ на гэтае пытаньне будзе мець ключавое значэньне.

Матэрыял цалкам даступны на сайце "Радыё Свабода".